У́НІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
аб’яднанне 2 або некалькіх цэркваў на ўмовах вяршэнства дагматыкі адной з іх і пры захаванні іншымі своеасаблівасцей у абраднасці. Уніі заключаліся пераважна рымска-каталіцкай царквой з праваслаўнай, а таксама са стараж. ўсх. (нехалкідонскімі) цэрквамі з мэтай падначаліць іх уладзе пап. Пры гэтым сцвярджалася, што т.ч. аднаўляецца былое адзінства ўсяленскай хрысц. царквы. З 13 ст. візант. імператары імкнуліся пайсці на У.ц. з папствам, каб атрымаць яго дапамогу ў барацьбе супраць туркаў. Рымскія папы двойчы спрабавалі заключыць У.ц. з Канстанцінопальскім патрыярхатам: у 1274 была падпісана Ліёнская У.ц. (не падтрымана большасцю духавенства і народа Візантыі, асуджана Канстанцінопальскім саборам 1285), у 1439 — Фларэнційская унія 1439 (адхілена Іерусалімскім 1443 і наступнымі царк. саборамі; у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве яе беспаспяхова імкнуліся ўвесці мітрапаліты Ісідор і Грыгорый Балгарын). У 1596 рымска-каталіцкая царква падпісала з правасл. царквой Рэчы Паспалітай Брэсцкую унію 1596 (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква). У 17 ст. ў тагачаснай Венгрыі з мясц. правасл. царквой была заключана Ужгарадская унія 1646, якая напачатку дзейнічала на тэр. Закарпацця і Славакіі, а ў 1699 пашырана на правасл. насельніцтва Альба-Юлійскай епархіі Трансільваніі (цяпер у Румыніі). Наступная Трансільванская унія 1760, заключаная па ініцыятыве аўстрыйскіх улад, ахапіла ўжо большую частку гэтай тэрыторыі. У.ц. былі падпісаны папствам і з некат. стараж. ўсх. цэрквамі, у выніку чаго створаны уніяцкія цэрквы халдзейскага (у Іраку), мараніцкага (у Ліване і Сірыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турцыі), сірыйскага, копцкага (у Егіпце) абрадаў. Ідэя У.ц. была выкарыстана і Рускай праваслаўнай царквой у дачыненні да прыхільнікаў стараверства: у 1800 аформлена адзінаверства — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сіноду, але службу ім дазвалялася выконваць паводле старых абрадаў.
Літ.:
Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;
Макарий (Булгаков М.П.). История Русской церкви. Кн. 5. М., 1996;
Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;
Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філас.-гіст. аналіз). Мн., 1998;
Molnar I. Mniejszość religijna czy religia mniejszosci? Grekokatolicy na ziemiach polskich i na Węgrzech // Unia brzeska: geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodow słowianskich. Krakow, 1994;
Mironowicz A. Unia użhorodska i jej następstwa w dawnym Krolestwie węgierskim // Przegłąd Kresowy. Białystok, 1996. N. 4.
Ю.В.Бажэнаў, А.В.Мірановіч.
т. 16, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)